Прыязджайце на «Ракуцёўскае лета»!

107 гадоў таму, у 1911-м, малады Максім Багдановіч правёў у Ракуцёўшчыне два летнія месяцы. Адпачываў і наталяўся беларусчынай у фальварку Вацлава Лычкоўскага, напісаў творы, якія ўвайшлі ў яго адзіны прыжыццёвы зборнік «Вянок». Таму невыпадкова адноўлены фальварак кожнае лета збірае на свята паэзіі і песні ўсіх прыхільнікаў творчасці геніяльнага паэта.

Сёлета яно пачнецца ў 11.00 з прывітальнай імпрэзы ля помнікаў-валуноў і ўскладання кветак. Усе жадаючыя змогуць пазнаёміцца з экспазіцыяй музея «Фальварак Ракуцёўшчына».

Роўна ў поўдзень пачнецца літаратурна-музычная кампазіцыя «У родным краі» з удзелам беларускіх пісьменнікаў, музыкантаў, дзеячаў культуры. Прымуць у ёй удзел і маладзечанцы: народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Маркаўчанка», асобныя выканаўцы. Свае вырабы прадставяць майстры раённага цэнтра рамёстваў.

У праграме мерапрыемства таксама традыцыйныя беларускія і салонныя гульні XIX стагоддзя, квэст, бард-сядзібнік. Асаблівая ўвага скіравана на тое, каб зацікавіць дзяцей. Спецыяльна для іх — батлеечнае прадстаўленне, музейна-педагагічныя заняткі «Сам зраблю батлеечную ляльку», «фэсцік», у час якога можна будзе пазнаёміцца з музычнымі інструментамі.

Дабрацца ў Ракуцёўшчыну проста: электрычкай — да станцыі Уша, аўтобусам ці маршрутным таксі – да Краснага. Адтуль да Ракуцёўшчыны не больш за кіламетр.


Обсудить на форуме

Автор: Анжаліка Крупянькова

Рейтинг: 0

Оцените новость: