Хор «Журавушка» стал почетным гостем на фестивале хоров во Франции

Так французы ацанілі ўклад Вольгі Паўлаўны ў развіццё харавога мастацтва Беларусі. Каб зразумець узровень яе прафесіяналізму, дастаткова паслухаць, як спяваюць «журавачкі». Той, хто пачуў іх хаця б аднойчы, не мог не ўразіцца дзіўным сугуччам дзіцячых галасоў, высокім выканальніцкім майстэрствам, асаблівай энергетыкай.

Нездарма «Журавачка» быў адзіным хорам з-за мяжы, які запрасілі ў Перыгё ў якасці ганаровага госця на XXXIII фестываль харавых калектываў «Сярэбраны камертон». На маштабны музычны форум з’ехалася каля 400 дарослых харыстаў. Аб гэтай падзеі паведамлялі мясцовыя газеты, шматлікія афішы. Вольга Паўлаўна прыгадвае, як яны з дзяўчынкамі зайшлі ў адзін з магазінаў Перыгё і на рэкламных лістоўках ля касы ўбачылі сябе на фота. Рэкламаваць культурныя мерапрыемствы французы ўмеюць...

Задоўга да падзеі, з самага пачатку года Вольга Бялько і канцэртмайстар Алена Руткоўская развучвалі з хорам партытуры, якія даслалі ім з Францыі. Дапамагалі выкладчыцам харысткі Маша Шыловіч і Надзя Клячына, якія вывучаюць французскую мову, неаднойчы выручала ў паездцы і Даша Пыск з яе выдатнай англійскай. У час адкрыцця фестывалю «Журавачка» выконвала вывучаныя дома творы ў зводным хоры. Гучалі і «Падмаскоўныя вечары», якія таксама спявалі ўсе ўдзельнікі. Цікава, што ў рэпертуары кожнага хору была руская песня як даніна павагі гасцям. А ў фінале фестывалю наш калектыў прадставіў 30-хвілінную праграму, у якой былі як беларускія, рускія, так і французскія творы. Гледачы ўспрымалі іх вельмі цёпла, чуліся крыкі «Брава!». Былая выпускніца хору Ірына Мельнік, якая цяпер жыве ў Францыі, вяла праграму, расказвала аб кожнай песні, каб гледачы зразумелі яе змест. Многія французы падыходзілі пасля канцэрта, дзякавалі за чыстае і прыгожае гучанне, за эмацыянальны зарад. Поспех быў проста грандыёзным! І гэта пры тым, што ў мінулым годзе хор на 85 працэнтаў абнавіўся, цяпер яго аснову складаюць 11-14-гадовыя навучэнцы. Кожны з 38 удзельнікаў «Журавачкі» атрымаў дыплом фестывалю. Акрамя бронзавага медаля Вользе Бялько ўручылі яшчэ адзін, як і канцэртмайстру Алене Руткоўскай.

— Гэта поспех усёй нашай каманды: дзяцей, бацькоў, без якіх паездка была б немагчымай, маіх паважаных калег-аднадумцаў. Удзячны мы за падтрымку і разуменне раённаму выканаўчаму камітэту, — зазначае Вольга Паўлаўна.

Асноўная праграма фестывалю праходзіла ў гарадскім тэатры. Таксама «журавачак» запрасілі выступіць у некалькіх бліжэйшых гарадах. Касцёлы, дзе яны спявалі, былі перапоўненыя гледачамі.

Ганарова было нашым дарослым і юным землякам пабываць на ўрачыстым прыёме ў мэрыі. Арганізатары музычнага форуму, яго прэзідэнт спадар Бертранд-Піерэ Тэсніерэ прапанавалі беларусам насычаную праграму. Нашы землякі пабывалі на экскурсіі ў Перыгё, убачылі дзівоснай прыгажосці замак на пяску. Іх запрасілі пачаставацца клубніцамі ў фермерскай гаспадарцы, а ў знак удзячнасці гаспадарам – песні прама ля плантацыі… Спадабалася таксама экскурсія ў горад Бардо, наведалі музей віна, пячоры Ласка з наскальным жывапісам. Пакаштавалі шмат французскіх страў, праўда, некаторыя былі нязвыклымі для беларускіх дзяцей, праславутыя французскія сыры мала хто з іх еў. Затое салодкія прысмакі ішлі на «ўра».
Дарослыя і дзеці акунуліся ў цёплую атмасферу, якая панавала на фестывалі. Яны адчулі сябе носьбітамі культуры Беларусі, дружна спявалі Дзяржаўны гімн сваёй краіны на адной з музычных сустрэч. Кожны фестывальны дзень быў напоўнены яркімі ўражаннямі і незабыўнымі эмоцыямі. Калі ўлічыць, што большасць «журавачак» упершыню пабывалі за мяжой, то ўспамінаў ім хопіць на ўсё лета.

Хор вучыць дабрыні
— Вольга Паўлаўна, чаму можна навучыцца ў хоры, акрамя ўмення правільна і прыгожа спяваць? – пытанне да мастацкага кіраўніка «Журавачкі».

— Калектыўная творчасць здольная тварыць цуды. Заняткі ў хоры прывіваюць дзецям пачуццё калектывізму, вучаць іх арганізаванасці, дысцыпліне, дабрыні. Бачылі б вы, як мае дзяўчынкі дапамагаюць адна адной у паездках! А яшчэ даўно даказана, што спевы здольныя здымаць стрэс і зараджаць нас станоўчай энергетыкай. Лічу, што кожны вучань школы мастацтваў павінен прайсці праз хор. Мая дачка Алеся ў ім займалася, цяпер сама працуе харавым дырыжорам у Чысцінскай школе мастацтваў. Спяваюць і абедзве ўнучкі Мар’яна і Вераслава, і ім вельмі падабаецца. Хор – гэта сапраўдная музыка, атмасфера дабрыні, новыя стасункі, магчымасць пазнаёміцца з культурай іншых краін, паказаць свае здольнасці.


Обсудить на форуме

Автор: Анжаліка Крупянькова
Фото: архіў Вольгі БЯЛЬКО

Рейтинг: 0

Оцените новость: