Директор Молодечненского ЗМК -- о положении дел на предприятии

Выплаты рэгулярныя, аднак затрымкі ёсць

— Сёння завод працуе з загрузкай прыкладна 50 працэнтаў, — гаворыць Віталій Аляксеевіч. — Прадпрыемства разлічана на выпуск 1500 тон металаканструкцый за месяц. З канвеера сыходзіць 700-800 тон. Аплата за пастаўленыя вырабы не заўсёды прыходзіць своечасова. Пры гэтым як толькі грошы пераводзяцца на рахунак, у першую чаргу яны накіроўваюцца на выплату заработнай платы і сацыяльныя выплаты. Работнікі атрымліваюць іх штомесяц, праўда, часам не ў поўным аб’ёме. Запазычанасць ЗМК вяртае на працягу аднаго месяца. Сярэдняя зарплата на прадпрыемстве складае 600-700 рублёў у залежнасці ад вытворчага ўчастка.

Колькасць работнікаў аптымальная

Субяседнік паведаміў, што на заводзе захаваны касцяк калектыву. Колькасць работнікаў сёння аптымальная. Яны забяспечваюць дзейнасць асноўнай вытворчасці, асабліва гэта тычыцца цэха зваркі і зборкі. Справа ў тым, што тут працуюць унікальныя спецыялісты. Такія кадры не рыхтуе ніводная навучальная ўстанова, людзі праходзяць падрыхтоўку на месцы. Не задзейнічаны ў вытворчасці персанал пераразмяркоўваецца па розных участках: большасць работнікаў валодае некалькімі спецыяльнасцямі.

На прадпрыемстве працуюць 800 чалавек, работа вядзецца ў адну змену. Адток кадраў ёсць, але ён не крытычны, усяго некалькі чалавек за месяц. У асноўным людзі звальняюцца па ўласным жаданні.

Асцярожны аптымізм

Віталій Дзмітрыеў адзначыў, што меры, якія прымае адміністрацыя прадпрыемства па пераадоленні складанай фінансавай сітуацыі, паступова даюць вынік. Так, за 2016 год рэнтабельнасць вытворчасці складала мінус 29 працэнтаў, за мінулы — мінус 8. Аднаўляюцца эканамічныя сувязі з айчыннымі і замежнымі партнёрамі. Фарміруецца партфель заказаў. Вядуцца перагаворы з нямецкімі і польскімі інвестарамі. Мэта патэнцыяльнага інвестпраекта — захаваць на ЗМК про-
фільную вытворчасць і загрузіць не задзейнічаныя цяпер вытворчыя магутнасці, на якіх павінна выпускацца любая (нават няпрофільная) запатрабаваная на рынку прадукцыя.

Таксама распрацоўваюцца планы па мадэрнізацыі вытворчасці і замене абсталявання на больш універсальнае і высокапрадукцыйнае. Гэта дазволіць значна знізіць сабекошт вырабаў і павысіць іх канкурэнтаздольнасць.

— На жаль, праблемы, якія нарасталі на працягу некалькіх гадоў, хутка вырашыць немагчыма. Прадпрыемства пакуль мае запазычанасць перад бюджэтам, энергетыкамі, некаторымі камунальнымі арганізацыямі. Аднак сітуацыя не крытычная. Завод удзельнічае ў тэндарах. Праблема загрузкі часткова вырашаецца за кошт работы на давальніцкай сыравіне, — падкрэсліў памочнік генеральнага дырэктара.

Насустрач юбілею

— У снежні калектыў ЗМК будзе адзначаць 50 гадоў прадпрыемства, — зазначыў Віталій Дзмітрыеў. — Прадукцыя завода запатрабавана пры будаўніцтве Беларускай АЭС і Нежынскага горна-абагачальнага камбіната, рэканструкцыі «Беларуськалія»… Пазіцыя адміністрацыі знаходзіць разуменне ў кіраўніцтва вобласці і раёна, у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Упэўнены, што слаўныя традыцыі маладзечанскіх вытворцаў будаўнічых матэрыялаў будуць прадоўжаны.


Обсудить на форуме

Автор: Алег Бяганскі

Рейтинг: 0

Оцените новость: