История театра в Молодечно

Без малога трыццаць гадоў таму, у 1991 годзе, на творчай карце Маладзечна з’явілася ўстанова культуры не мясцовага маштабу – Мінскі абласны драматычны тэатр. Ініцыятарам яго стварэння, а затым і мастацкім кіраўніком да 2003 года быў Мікалай Мацкевіч. Мікалаю Пятровічу ўдалося сфарміраваць цікавы творчы калектыў, ажыццявіць пастаноўку 14 спектакляў, разнастайных па жанры і ўнутранай драматургіі. МАДТ з таго часу заняў адметнае месца ў культурнай прасторы краіны.

Сёння заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Мікалай Мацкевіч прапануе чытачам газеты ўспаміны пра станаўленне тэатра, выказвае свой погляд на яго далейшае развіццё.
– Каб сказаць пра галоўнае сёння, трэба згадаць пра галоўнае ўчора. Пра гісторыю як далёкую, так і блізкую.

Углядзецца, як кажуць, ёй у твар. Прыгадаць людзей, якія ў свой час праявілі сумленне і годна выканалі свой службовы абавязак. Гэта ім можна адрасаваць словы рускага філосафа Салаўёва: «Я стыжусь, следовательно, я существую». Альбо: «спокойная совесть – изобретение дьявола». І яшчэ Бярнарда Шоу: «Самый большой грех по отношению к ближнему – не ненависть, а равнодушие».

Я ўдзячны лёсу за тое, што на сваім творчым шляху сустракаў людзей неабыякавых і сумленных. Калі ў далёкім 1975 годзе ў Слуцку сабраў трупу і актывізаваў работу тэатра, адчуў увагу таленавітага рэжысёра Андрэя Андросіка – ён нават прыехаў на прагляд спектакля па п’есе Аляксандра Вампілава «Старший сын». Потым мы нярэдка сустракаліся ў Мінску ў Купалаўскім тэатры, на кватэры ў рэжысёра. Незабыўныя ўспаміны пра кантакты з Вадзімам Дапкюнасам, тады начальнікам рэспубліканскага навукова-метадычнага цэнтра культуры, і яго абласным калегам Анатоліем Акушэвічам. Пра паездкі на тэлебачанне, дзе перыядычна рабілі здымкі ўрыўкаў з нашых пастановак, а спектакль «Плытагоны» па п’есе Уладзіміра Галубка быў запісаны поўнасцю ў 1978 годзе. Тады ж наш калектыў быў запрошаны на фестываль «Рампа дружбы-78» разам з народнымі тэатрамі з Літвы, Латвіі, Эстоніі і Беларусі. Мы паказвалі п’есу Барыса Васільева «В списках не значился» і вярнуліся з Мінска з дыпломам і аматарскай кінакамерай.

Словам, усё ў мяне, як у творчай асобы, у Слуцку складвалася. Толькі жонка ўсё больш настойліва заводзіла размову пра пераезд на малую радзіму, у Маладзечна. Там бацькі, сваякі… Я доўга супраціўляўся, але ў рэшце рэшт здаўся.

Ужо ў Маладзечне зайшоў у гарадскі аддзел культуры. Паколькі начальства не заспеў, то заглянуў у бухгалтэрыю – тут колісь сакратаром-машыністкай працавала жонка. Разгаварыліся з яе былой калегай, галоўным бухгалтарам: што, калі, як і дзе?.. Ужо стаў развітвацца, як раптам пачуліся нечыя крокі. Дзверы адчыніліся, і ў пакой зайшла загадчык аддзела культуры Галіна Асіповіч.

– Вы да мяне? Калі ласка, заходзьце ў кабінет.

Я толькі паспеў спытаць, ці ёсць у маладзечанскім народным тэатры рэжысёр, як Галіна Уладзіміраўна перабіла:

– Вы хочаце да нас? Я была па службовых справах у Слуцку і бачыла вашы «Плытагоны». Прызнаюся, атрымала вялікае задавальненне. Калі ёсць жаданне працаваць у тэатры, то я згодная. Наш рэжысёр працуе на палову стаўкі.

Праз некаторы час я Галіне Уладзіміраўне патэлефанаваў. Яна сказала, што мяне ў Маладзечне чакаюць. Больш за тое, нават з кватэрай пытанне вырашана станоўча.

Сонечным восеньскім днём 1982 года я зноў зайшоў у маладзечанскі ГДК. З таго часу, як працаваў тут дырэктарам, у Доме культуры нічога не змянілася. Складвалася ўражанне, што нікуды і ніколі адсюль я і не сыходзіў.

Першай рэжысёрскай работай у Маладзечне стаў спектакль «Моя жена – лгунья», на які запрасіў знаўцаў сцэнічнага майстэрства. Пасля прагляду Галіна Уладзіміраўна прызналася, што такога ў нас яшчэ не было. Такое выказванне натхняла. На чытанне наступнай п’есы – п’есы Генрыха Баравіка «Интервью в Буэнос-Айресе» – запрасіў Аляксандра Летунова, Мікалая Зеляніцкага, Івана Ермаковіча, Міхаіла Белюна, Эмілію Ларыёнаву, а таксама маладых Васілія Каралецкага і Сяргея Борбута. Так паступова складалася моцная каманда таленавітых людзей і падзвіжнікаў тэатра.

Аднойчы ад загадчыка кафедры майстэрства акцёра тэатральна-мастацкага інстытута Аляксандра Бутакова даведаўся, што драматург Аляксей Дудараў напісаў новую п’есу пад назвай «Вайна». Адным з першых прачытаў яе і калі вяртаў тэкст аўтару, то Аляксей Ануфрыевіч заўважыў: патрэбна іншая назва, бо на афішы неяк няёмка чытаць – «вайна».

Пазней п’еса атрымала назву «Радавыя», пад якой я і ажыццявіў яе пастаноўку. У 1984 годзе спектакль быў рэкамендаваны на фестываль «Рампа дружбы», які праходзіў у Рызе, сталіцы Латвійскай СССР. Журы фестывалю складалі аўтарытэты ў галіне тэатральнага мастацтва, да прыкладу, старшынёй была народная артыстка СССР Вія Артманэ. З рыжскага фестывалю нашы артысты Міхаіл Бялюн, Барыс Донін, Сяргей Борбут, Лілія Якубоўская і Алена Саланкевіч вярнуліся з Дыпломамі І ступені. Дыпломам І ступені была адзначана мая рэжысура спектакля.

Затым тэатр прадстаўляў цэлую краіну на 55-м Міжнародным фестывалі аматарскіх тэатраў у Чэхаславакіі, у горадзе Гронаў. Там мы прабылі дзесяць дзён і атрымалі Вялікі Дыплом (ён так і называўся – Вялікі). Зноў жа за сваіх «Радавых».

Мікалай Мацкевіч.



1987 год, Масква. Другі Усесаюзны фестываль аматарскіх тэатраў. «Радавыя» адкрывалі фестываль на сцэне тэатра імя Ярмолавай. Маладзечанскі аматарскі стаў лаўрэатам і быў узнагароджаны залатым медалём. А рэжысёрская работа была адзначана Дыпломам лаўрэата фестывалю з уручэннем вялікага Залатога медаля.

У 1988 годзе праходзіў рэспубліканскі агляд народных тэатраў. Для прагляду я прапанаваў спектакль «Вежа» па аповесці Уладзіміра Някляева, а затым разам з Аляксеем Дударавым зрабілі інсцэніроўку. Над гэтым матэрыялам працавалі з вялікім задавальненнем. І вось прагляд спектакля закончаны. Паднімаюся на другі паверх, мяне сустракае старшыня журы Андрэй Андросік: «Мікалай Пятровіч, віншую вас з сур’езнай прафесійнай работай». Праз кароткі час і Някляеў, і Дудараў былі на спектаклі і, як трапна заўважыла адна з нашых артыстак, літаральна «спаўзалі з крэслаў»…

Гэта работа тэатра была адзначана адразу шасцю Дыпломамі І ступені, у тым ліку за лепшую рэжысуру.
Тэатр добра працаваў і з гледачом. Кожны год да Міжнароднага дня тэатра праходзіў тыдзень тэатра для школ і прадпрыемстваў горада.

Прыемна было адчуваць, што менавіта маладзечанскі стаў першым народным тэатрам у Беларусі – пасля ажыццяўлення пастаноўкі Мікалая Эрдмана «Самазабойца».
У тым жа годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва» з’явіўся мой артыкул «На парадку дня – якасць». Ён даў падставу выкласці затым свой погляд на развіццё сцэнічнага мастацтва перад вядучымі рэжысёрамі народных тэатраў краіны.

Усё часцей у маю галаву прыходзілі думкі аб стварэнні гарадскога тэатра. Але як быць з фінансаваннем, з аплатай артыстам, тэхнічным работнікам?.. А калі гарадскі бюджэт «не пацягне»?.. І раптам: эўрыка! У Беларусі ўсе вобласці маюць свае тэатры, і толькі ў сталічнай іх няма. Выказаў без прамару-
джвання сваю ідэю начальніку абласнога ўпраўлення культуры Валерыю Гердойцу. Той успрыняў мае прапановы сур’ёзна:

– Давай, Мікалай, рыхтуй неабходныя паперы. Пішу пісьмо ў абласное ўпраўленне культуры аб адкрыцці ў Маладзечне на базе народнага тэатра прафесійнага. Падпісваю ў старшыні гарвыканкама Аляксея Выбарнава, затым у старшыні Саюза тэатральных дзеячаў Аляксея Дударава. Яшчэ няма канчатковага рашэння, а ўжо складаю Статут тэатра, у якім, апрача ўсяго, зафіксавана: ствараецца Мінскі абласны драматычны тэатр, нацыянальны беларускі тэатр, які працуе толькі на беларускай мове. І ўсе паперы адвожу ва ўпраўленне. Валерый Карлавіч гаворыць: «Ты, Мікалай, усё зрабіў, далей буду займацца я». Забягаючы наперад, скажу, калі б спазніўся на год (гэта было лета 1990-га), тэатра магло б і на быць. 1991 год, як вядома, быў напружаны рознымі абставінамі палітычнага і сацыяльнага характару, развальваўся Саюз. Але мы паспелі!

Чаканне рэакцыі старшыні аблвыканкама Альфонса Цішкевіча на маю прапанову і на тактычны ход Валерыя Гедройца было невыносна цяжкім. Вось і адпачынак мой закончыўся, а вестак – аніякіх. Валерый Карлавіч стрымліваў мой пыл: чакай... Вось ужо і новы год пачаўся, і мой юбілей прайшоў. І раптам 6 лютага 1991 года згаданы ўжо Анатолій Акушэвіч па тэлефоне паведамляе аб адкрыцці Мінскага абласнога нацыянальнага тэатра. Значыць, усё было не дарма!

Разам з дырэктарам тэатра Аляксеем Шутом трэба было фарміраваць трупу. Паехаў тэрмінова ў Мінскі інстытут культуры на выпускны экзамен акцёрскага курса, які амаль усім складам размяркоўваўся ў слонімскі тэатр.

У прыватнай гутарцы пастараўся пераканаць будучых артыстаў, што іх чакае ў Маладзечне. Як цяпер памятаю, што былі гэта Ірына Кляпацкая, Алена Павачка, Вячаслаў Шэндрыкаў (яшчэ студэнт-трэцякурснік, але вельмі таленавіты юнак), Ігар Падлівальчаў, Андрыян Барткевіч. Крыху пазней у тэатр прыйшлі Андрэй Карпук, Таццяна Кавалеўская, Яўгеній Іўковіч, Алег Чэчанеў, Дзмітрый Глазычаў. Прапанаваў напісаць заяву аб прыёме на работу артыстам народнага тэатра. І на падставе маёй рэзалюцыі дырэктар Аляксей Шут залічыў у штат Барыса Доніна, Алену Доніну, Эмілію Ларыёнаву, Аляксандра Пашкевіча, Алу Стэльмах.

Па маёй прапанове заслужаны дзеяч мастацтваў Юрый Тур вырабіў макет сцэны, а затым разам з мастаком Яўгеніем Волкавым працаваў над планіроўкай залы і сцэны. Юрый часам жартаваў: «Пайшлі Мацкевіч, Тур і Шут з імі». Сімпатызаваў дырэктару, і калі Аляксей Шут звольніўся, вельмі шкадаваў. Але прыйшоў у тэатр новы дырэктар Сяргей Вальковіч, і работы па рэканструкцыі прадоўжыліся.
Адкрывала тэатр мая пастаноўка «Зямля» па паэме Якуба Коласа «Новая зямля». А пасля антракту былі паказаны купалаўскія «Прымакі» ў пастаноўцы Андрыяна Барткевіча.

У студзені 1993 года я прапанаваў Андросіку ажыццявіць пастаноўку спектакля «Камедыя», якую ён разам з Рудавым паставіў у Альтэрнатыўным тэатры.

Адкрыццё тэатра не засталося незаўважаным, і аднойчы тагачасны старшыня гарвыканкама Генадзій Карпенка выказаўся: «Мацкевіч не распытваў, як зрабіць, а праявіў ініцыятыву і стварыў тэатр». Для мяне гэта была высокая пахвала.

Праз некаторы час той жа Карпенка прапанаваў на базе тэатра арганізаваць фестываль. Старшыню выканкама падтрымаў Аляксей Дудараў – так і з’явілася «Сакавіца». У сакавіку 1994 года мы адкрылі фестываль «Камедыяй», чым выклікалі сапраўдны фурор, а артыстка Таццяна Кавалеўская стала лаўрэатам.

Фестываль праходзіў у нашым горадзе сем гадоў запар. І кожны раз нашы пастаноўкі і нашы артысты мелі на ім вялікі поспех, адзначаліся заслужанымі ўзнагародамі. Пасля «Сакавіцы-96» на сцэне купалаўскага тэатра з поспехам была паказана «Чорная нявеста».

Маладзечна ў дні фестывалю сапраўды маладзела. Горад перайначваўся, станавіўся на некалькі дзён тэатральнай Меккай. На фестываль імкнуліся патрапіць і беларускія майстры сцэны, і з суседніх рэспублік. За пастаноўку спектакляў на маладзечанскай сцэне браліся вядучыя рэжысёры, у ліку якіх былі Андрэй Андросік, Уладзімір Забела, Уладзімір Караткевіч, Рыд Таліпаў, Валерый Раеўскі. Марыя Захарэвіч таксама вяла ў тэатры майстар-клас. Са сцэны гучала беларуская мова, а пераклад рускамоўных тэкстаў рабілі Мікола Шабовіч, Аляксей Дудараў, Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Асташонак. На вялікі жаль, сёння ў тэатры спакваля адыходзяць ад традыцый, закладзеных на самым пачатку яго стварэння. Лічу гэта вялікай памылкай. Няпраўда, што па-беларуску п’еса не загучыць! Чытаю, перачытваю Шэкспіра ў перакладзе Васілія Сёмухі – якое цудоўнае гучанне, глыбокае пранікненне ў душу!

Мае ўспаміны некалькі схематычныя – у газетным артыкуле нельга расказаць пра ўсё і пра ўсіх. Няхай даруюць мне тыя, чыё прозвішча не назваў. Я памятаю і люблю ўсіх, хто быў разам – аднадумцаў, паплечнікаў, таварышаў.

Некалі Народны артыст СССР Міхаіл Ульянаў заўважыў, што мастацкі кіраўнік «павінен мець, па-першае, сумленне, па-другое, — сумленне, па-трэцяе, – таксама сумленне». І сёння гэтыя словы не страцілі актуальнасці, наадварот, толькі ўмацаваліся ў сваёй значнасці.


Обсудить на форуме

Автор: Соб. инф.
Фото: Вячаслаў Табулін

Рейтинг: 0

Оцените новость: