Зямля аддзячыць руплівым. У Маладзечанскім раёне пачалася сяўба


У «экспедыцыю» па палях гаспадаркі мы адправіліся разам з кіраўніком акцыянернага таварыства Сяргеем Клюевым, галоўным аграномам Мікалаем Прывалавым і старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімірам Саланенкам. Праязджаем некалькі кіламетраў ад Граніч — і вось з-за ўзгорка паказваецца магутны «Беларус» з прычапной сеялкай.

— На гэтым полі працуе выдатны работнік, на ўсе рукі майстар Іван Мазалеўскі, — гаворыць Сяргей Мікалаевіч. — Нягледзячы на сваю маладосць — адзін з лепшых у калектыве. Летась ён быў сярод «тысячнікаў» на ўборцы збожжа, сёлета сам рыхтаваў тэхніку да пасяўной. У дзень засявае па 50 гектараў.

Знаёмімся з механізатарам. Іван шчыра ўсміхаецца і просіць доўга не затрымліваць. Надвор’е добрае, на ўліку кожная мінута. Зазначае, што гэта яго трэцяя пасяўная кампанія. Працуе з шасці раніцы да дзевяці-дзесяці гадзін вечара, сее піваварны ячмень гатунку «Себасцьян». Работу імкнецца выконваць якасна, таму спадзяецца на добры ўраджай. Мы жадаем хлопцу поспехаў і едзем далей. Па дарозе галоўны аграном адукоўвае журналістаў.

Іван Мазалеўскі.



— Залог добрага ўраджаю — у аптымальным выбары ўчастка. Немалаважнае значэнне маюць якасць пасяўнога матэрыялу, выкананне нарматываў па ўнясенні ўгнаенняў і, вядома, «чалавечы фактар». Ад таго, як вадзіцель, механізатар і аграном спраўляюцца са сваімі абавязкамі, у значнай ступені залежыць аддача хлебнай нівы, — дзеліцца Мікалай Прывалаў.

Спыніліся на полі, дзе аратым Мікалай Плюта. Ён вопытны механізатар. За выдатныя вытворчыя паказчыкі партрэт хлебароба быў змешчаны на раённай Дошцы гонару. Сустрэча з ім таксама не заняла шмат часу.

Мікалай Плюта.


— За змену ўзворваю па 10 і больш гектараў, працую ўвесь светлавы дзень. Нават адной запраўкі палівам за змену бывае мала. Галоўнае для нас – як мага хутчэй завяршыць пасяўную. Ад гэтага залежаць і зарплата, і перспектывы. Вядома, працаваць цяжка, але я люблю сваю работу, з павагай стаўлюся да роднай зямлі. Ведаю, за клопат яна абавязкова аддзячыць хлебам, — зазначыў субяседнік.

Мы наведалі некалькі палявых вытворчых участкаў. І ўсюды бачылі прыклады арганізаванасці, адказнасці і дысцыплінаванасці. Сэрца пасяўной білася рытмічна і ўпэўнена.

Мікалай Прывалаў і Сяргей Клюеў.



— Гаспадарка грунтоўна рыхтавалася да кампаніі, — падсумаваў вынікі паездкі Сяргей Клюеў. — Загадзя была адрамантаваная і прыведзеная ў парадак тэхніка, людзі прайшлі адпаведны інструктаж. За справу ўзяліся, як толькі дазволіла надвор’е. Механізатары працуюць увесь светлавы дзень. На некаторых участках наладжана праца ў дзве змены. Людзі забяспечаныя гарачым харчаваннем, вадой і спецвопраткай. Вялікая ўвага надаецца тэхніцы бяспекі. Сяўбу плануем завяршыць у аптымальныя тэрміны. Мы настроены атрымаць ураджай лепшы, чым быў летась.

Даведка. Сёлета ў планах работнікаў ААТ «Купала-Агра» пасеяць 580 гектараў збожжавых і зернебабовых, 200 — цукровых буракоў, 350 – кукурузы і 394 — аднагадовых культур. Гаспадарка пачала пасяўную адной з першых у раёне і трымае высокі тэмп.


Обсудить на форуме

Автор: Алег Бяганскі
Фото: Аляксей ПЛАТКО

Рейтинг: 0

Оцените новость: