Супраць карупцыі разам

Як адзначылі ўдзельнікі нарады, супрацоўніцтва органаў пракуратуры і прафсаюзаў у барацьбе з карупцыяй цалкам апраўданае. Абедзве арганізацыі маюць падобныя мэты — абарона правоў і законных інтарэсаў працоўных. А гэтыя правы ў выніку карупцыйных дзеянняў могуць парушацца. Акрамя таго, многія прафсаюзныя актывісты з’яўляюцца членамі камісій па супрацьдзеянні карупцыі на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Таму яны абавязаны ведаць асноўныя палажэнні адпаведнага заканадаўства.

Па звестках пракуратуры, карупцыйныя і эканамічныя злачынствы найчасцей учыняюцца ў сельскай гаспадарцы, ЖКГ і прамысловай галіне. Спрыяюць гэтаму праблемы з падборам і расстаноўкай кадраў і недастатковы кантроль за работнікамі з боку кіраўніцтва суб’ектаў гаспадарання.

На жаль, без правапарушэнняў не абыходзіцца і дзейнасць некаторых прафсаюзных арганізацый цэнтральнага рэгіёна. Некалькі прыкладаў прывяла старшыня Маладзечанскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Таццяна Яцухна. Так, праверка пярвічнай прафарганізацыі адной з ВНУ выявіла недастачу больш за тысячу рублёў, якія былі зрасходаваныя не па прызначэнні. Таксама праваахоўнікі ўстанавілі факт, калі камерцыйная арганізацыя давала грошы старшыні адной з «пярвічак» за пасрэдніцтва пры заключэнні дагавораў на турпаездкі, канцэрты і іншыя культурна-масавыя мерапрыемствы. А старшыня пярвічнай арганізацыі аднаго з суб’ектаў гаспадарання для атрымання матэрыяльнай дапамогі падрабляў подпісы казначэя на банкаўскіх дакументах.

Без запісаў у касавай кнізе і прыходных ордэраў прымаў грошы для пагашэння кошту пуцёвак за аздараўленне бухгалтар адной з «пярвічак». Сродкі ён прысвойваў, за што атрымаў пяць гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці. Адказная асоба пазбаўлена таксама права тры гады займаць пасады, звязаныя з адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасцю.

— Адсутнасць рашэнняў прафсаюзнага камітэта па кожным факце расходавання прафсаюзных сродкаў – адно з найбольш распаўсюджаных парушэнняў у рабоце прафсаюзных арганізацый, — падкрэсліла выступоўца. – Напрыклад, на адным з прамысловых прадпрыемстваў частка сродкаў прафбюджэту ішла на выплаты прэмій і аказанне матэрыяльнай дапамогі вызваленым старшыні і бухгалтару прафсаюзнай арганізацыі. Пры гэтым пратаколы і пастановы, на падставе якіх рабіліся выплаты, складаліся з парушэннем заканадаўства.

— Такія мерапрыемствы трэба праводзіць рэгулярна, — падсумавала вынікі семінара-нарады Таццяна Яцухна. – У калектывах павінны зразумець, што барацьба з карупцыяй – справа кожнага. Увогуле, галоўнае ў нашай рабоце — не пакараць вінаватых, а не дапусціць падобных выпадкаў у прынцыпе.


Обсудить на форуме

Автор: Алег Бяганскі
Фото: Вячаслаў ТАБУЛІН

Рейтинг: 0

Оцените новость: