Навучэнцам школы-інтэрната ў Радашковічах расказалі пра бізнес

Старшакласнікі вучыліся рэалізоўваць свае навыкі і ўменні ў бізнесе. Пра асноўныя эканамічныя законы навучэнцам расказвалі студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

У праграме сесіі былі круглы стол, трэнінгі, дыскусіі, прэзентацыі сацыяльна-дзелавых стартапаў. Выступілі дырэктар кансалтынгавай установы «Сацыяльныя тэхналогіі бізнесу» Галіна Мацюшэнка і дацэнт кафедры эканамічнай сацыялогіі інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ Галіна Бядуліна.

-- Праект патрэбны нашым выхаванцам, -- адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы-інтэрната Таццяна Харошка. – Ён дазваляе пашырыць эканамічныя веды, навучыцца планаваць бюджэт (у тым ліку сямейны), даведацца цану грошай. Дзякуючы гэтаму дзеці будуць лепш падрыхтаваныя да самастойнага жыцця, загадзя вызначацца з будучай прафесіяй.

Таццяна Аркадзьеўна нагадала, што ў навучальнай установе з 2003 года дзейнічае школьная бізнес-кампанія «Бізнесрад». Яе ўдзельнікі праводзяць платныя экскурсіі па краязнаўчым музеі і музеі паветраных і вогненных таранаў. Такім чынам дзеці вучацца працаваць у камандзе. Важнае значэнне мае і патрыятычнае выхаванне, асабліва сёлета, у Год малой радзімы.

Як адзначыла менеджар праекта Галіна Мацюшэнка, цяпер, калі ў краіне адбываецца лібералізацыя эканамічнай дзейнасці, бізнес-адукацыя для моладзі становіцца вельмі запатрабаванай. Для прадпрымальнікаў з’яўляецца ўсё больш магчымасцей рэалізаваць сябе, у тым ліку ў сельскай мясцовасці.

Камерцыйныя кампаніі таксама маюць патрэбу ў крэатыўных ініцыятыўных работніках, якія гатовы прапаноўваць новыя ідэі і падыходы. А іх многа менавіта сярод моладзі. У сваю чаргу, для школьных бізнес-кампаній было б карыснае супрацоўніцтва з суб’ектамі гаспадарання, якія могуць рэкламаваць і рэалізоўваць прадукцыю юных прадпрымальнікаў.

-- Адметнасць адукацыйнай сесіі ў тым, што настаўнікамі з’яўляюцца студэнты эканамічных спецыяльнасцей. Такім чынам, розніца ва ўзросце паміж навучэнцамі і педагогамі нязначная. Практыка паказвае, што гэта форма адукацыі найбольш эфектыўная, бо роўны навучае роўнага і дыялог вядзецца на даступнай для дзяцей мове, -- падкрэсліла Галіна Мацюшэнка.

Па словах старшыні клуба студэнтаў-настаўнікаў «Бізнес-цьютар» Аляксандра Мацкевіча, дзецям заняткі па эканоміцы падабаюцца. Яны актыўна ўдзельнічаюць у трэнінгах, выказваюць цікавыя ідэі. Студэнты ж тлумачаць ім, што галоўнае ў бізнесе – адпаведная адукацыя, уменне весці справу, камунікабельнасць, крэатыўнасць.

Увогуле, у ХХІ стагоддзі, у век лічбавай эканомікі, найбольш запатрабаваным на рынку становіцца чалавечы капітал. Чым больш прадпрымальнік будзе ведаць пра эканамічныя працэсы, тым хутчэй ён адаптуецца да новых умоў.

З гэтым згодныя навучэнцы школы-інтэрната, удзельнікі праекта. Некаторыя з іх усур’ёз задумаліся адкрыць свой салон прыгажосці, трэнажорную залу або прыватную ветэрынарную лячэбніцу.

Даведка. Праект «Стварэнне валанцёрскага клуба студэнтаў-настаўнікаў «Бізнес-цьютар» рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы праграмы малых грантаў пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. Акрамя Радашковіцкай школы-інтэрната, рэгіянальнымі партнёрамі праграмы з’яўляюцца смаргонская СШ №6 і Казялужская сярэдняя школа Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.



Обсудить на форуме

Автор: Алег Бяганскі
Фото: Алег БЯГАНСКІ

Рейтинг: 0

Оцените новость: