В Молодечненском районе создадут более 800 рабочих мест

Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Алеся Лукоўская, Маладзечанскі раён з’яўляецца адным з найбольш эканамічна развітых у Мінскай вобласці. Базавую прамыслова-вытворчую групу складаюць 62 прадпрыемствы рознай формы ўласнасці. Аграпрамысловы комплекс спецыялізуецца на вытворчасці малака, мяса, збожжа, ільну, агародніны і бульбы.

Прадукцыя прадпрыемстваў Маладзечаншчыны вядомая далёка за межамі краіны. Ужо сёлета Маладзечанскі малочны камбінат прыняў удзел у конкурсах у Маскве, Дубаі, Ганконгу, Астане, у адкрытым фестывалі ў Гродне. На выстаўках у Расіі, Казахстане, Кітаі была прадстаўлена прадукцыя Малінаўшчызненскага спіртагарэлачнага завода - «Аквадыў». Маладзечанскі хлебазавод удзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе «Смаката-2017», ТАА «Акдзімал» выйшла ў фінал конкурсу «Чэмпіён
густу».

Значныя дасягненні адзначаюцца таксама ў сферах адукацыі, культуры, аховы здароўя, спорту і турызму. Напрыклад, штогод у нашым горадзе праводзяцца больш за 30 рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных культурных акцый, якія прыцягваюць вялікую колькасць гледачоў і выканаўцаў.

— Гэты год аб’яўлены ў Беларусі Годам малой радзімы, — падкрэсліла А. Лукоўская. – Таму мы павінны яшчэ раз даказаць, што з’яўляемся дбайнымі гаспадарамі сваёй зямлі, і зрабіць як мага больш для росквіту раёна і ўсёй краіны.

Аб дзеянні дэкрэта №1 расказала намеснік начальніка аддзела занятасці і рынку працы ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Ажарава. Яна нагадала, што ключавая роля ў дакуменце адводзіцца мясцовым органам улады. Іх асноўная задача — аказваць максімальнае садзейнічанне ў працаўладкаванні незанятых грамадзян. Пры гэтым усе меры павінны насіць адрасны характар.

Так, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы створаць пастаянна дзеючыя камісіі, работа якіх накіравана на дапамогу беспрацоўным. У склад камісій увойдуць дэпутаты ўсіх узроўняў, спецыялісты профільных дзяржаўных устаноў, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Дэкрэт прадугледжвае, што з 1 студзеня наступнага года не занятыя ў эканоміцы працаздольныя грамадзяне будуць аплачваць некаторыя паслугі па цэнах поўнага пакрыцця эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне. Іх пералік урад вызначыць да 1 красавіка.

Цяпер спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама сумесна з работнікамі іншых зацікаўленых структур тлумачаць наймальнікам прынцыпы і палажэнні дэкрэта. З методыкай прымянення дакумента знаёмяцца прафсаюзы. У раёне працуе камісія па кантролі за ходам выканання мерапрыемстваў па садзейнічанні занятасці насельніцтва.

— Сёлета на Маладзечаншчыне плануецца стварыць 857 рабочых месцаў на новых вытворчасцях, выдаць субсідыі на агульную суму 72 тысячы рублёў 24 беспрацоўным для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, — дадала Алена Вячаславаўна. – Будзе праводзіцца навучанне грамадзян па найбольш запатрабаваных на рынку спецыяльнасцях. Сярод іншых мер садзейнічання занятасці – павышэнне мабільнасці рабочай сілы, арганізацыя для беспрацоўных аплачваемых грамадскіх работ і іх часовае працаўладкаванне.


Обсудить на форуме

Автор: Алег Бяганскі
Фото: Аляксей ПЛАТКО

Рейтинг: 5

Оцените новость: