Паэт-песеннік Канстанцін Цыбульскі запрашае на творчую сустрэчу


Маладзечанцам добра вядомая творчасць нашага земляка Канстанціна Цыбульскага. Ён родам з невялічкай вёскі Забалацце, закончыў Лебедзеўскую сярэднюю школу, затым філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Працяглы час працаваў ва ўнутраных органах, мае званне падпалкоўніка міліцыі. Аднак ніколі не расставаўся з паэзіяй, з’яўляецца аўтарам пяці зборнікаў, узначальвае секцыю музыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Многія вершы Цыбульскага пакладзены на музыку, яго песні выконваюць ансамблі «Сябры», «Бяседа», вядомыя спевакі Валерый Дайнэка, Анатоль Ярмоленка, Мікалай Скорыкаў, Алег Сямёнаў і многія іншыя.

Паэт часта сустракаецца з прыхільнікамі паэзіі, але з асаблівым пачуццём прыязджае на родную Маладзечаншчыну. Некалькі гадоў таму адбыўся яго творчы вечар у гарадскім Палацы культуры. І вось новая сустрэча з земляком, якая, без сумненняў, будзе такой жа шчырай, цёплай, напоўненай паэзіяй і музыкай, як і ўсе папярэднія.

Мерапрыемства адбудзецца 8 лютага ў канферэнц-зале бібліятэкі «Верасок». Пачатак – у 17.00. Уваход вольны.


Обсудить на форуме

Автор: Анжаліка Крупянькова

Рейтинг: 0

Оцените новость: