Як напісаць цікавую кнігу?


Такія сустрэчы ў навучальнай установе сталі ўжо традыцыйнымі. Сюды нярэдка запрашаюць прадстаўнікоў творчай нівы, якія расказваюць пра свой шлях у прафесіі. Прычым гэта пераважна аўтары, творчасць якіх вывучаецца ў рамках школьнай праграмы. Дзеці любяць размаўляць з сучаснымі творцамі. Дзякуючы сустрэчам яны больш актыўна далучаюцца да чытання кніг альбо свету музыкі.
Міхась Пазнякоў пагаварыў і з журналістамі. Ён з’яўляецца старшынёй Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, аднаго з самых маштабных у краіне. Сярод найважнейшых кірункаў работы – падтрымка юных талентаў з пісьменніцкімі або паэтычнымі здольнасцямі. Сваё першае чатырохрадкоўе

Міхась напісаў, калі вучыўся ў шостым класе. Цяпер Пазнякоў адзін з самых запатрабаваных аўтараў. З-пад яго пяра выйшлі звыш 80 кніг на беларускай і рускай мовах для дзяцей і дарослых. Многія яго творы надрукаваны ў выдавецтве «Народная асвета», прадстаўнікі якога таксама прыехалі ў Маладзечна, а таксама перакладзены на 22 мовы.

Майстар не абмяжоўвае сябе жанравымі рамкамі. Не пыляцца яго кнігі на бібліятэчных паліцах і ў кнігарнях. Яшчэ больш, шматлікія вершы пакладзены на музыку. Міхаіл Пазнякоў лаўрэат пятнаццаці літаратурных прэмій, мае дзяржаўныя ўзнагароды, сярод самых важкіх – медаль Францыска Скарыны, уручаны за дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны ўклад у развіццё і памнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа.

— Трэба закладваць такую энергетыку ў свае творы, каб гэта цікавіла і захоплівала чытачоў, — так аўтар расказвае пра сакрэты поспеху. – Наогул, пісьменнік павінен быць педагогам і спрыяць выхаванню сапраўднага чалавека. Заўважу і тое, што ўдзельнікі Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі імкнуцца ў час сустрэч з чытачамі прадстаўляць сваю творчасць праз тэатралізаванае дзейства. Каб адразу заінтрыгаваць публіку.

Міхась Паўлавіч улюбёны ў маладзечанскі край. У свой час ён кіраваў філіялам дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Фальварак Ракуцёўшчына». Таксама яму вельмі падабаецца Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, які праводзіцца ў нашым раёне і дзе ён часты госць.
Міхась Пазнякоў плённа супрацоўнічае з кампазітарам, выканаўцам і таксама паэтам Аляксандрам Якіменкам, членам Беларускага саюза музычных дзеячаў. На імпрэзе ў маладзечанскай гімназіі прагучалі яго песні на словы Пазнякова.

Вучні гучна апладзіравалі шаноўным гасцям, задавалі ім розныя пытанні. Тым, хто спрабуе сябе як пісьменнік ці паэт, творцы прапанавалі перадаваць свае творы ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Там заўсёды рады юным талентам.


Обсудить на форуме

Автор: Ірына Рабушка
Фото: Аляксей ПЛАТКО

Рейтинг: 0

Оцените новость: