Віктар Жук: «Гісторыя – гэта вялікія граблі чалавецтва»

Пятнаццаць год таму, калі дзеці яшчэ не ведалі, што такое айфон і айпад, ён сплёў кальчугу і стаў займацца ваенна-гістарычнай рэканструкцыяй. «Сярэднявечны воін» прымаў удзел у пастановачных бітвах, ездзіў на раскопкі старажытных месцаў, а потым вырашыў вызначыць свой лёс – пасля заканчэння будаўнічага ліцэя паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка. Сёння настаўнік гісторыі СШ №11 горада Маладзечна Віктар Жук кажа, што школа для яго – асаблівы сусвет і адначасова частка жыцця, якую ўжо нельга выкрасліць.


Дамовіцца аб сустрэчы нам было няпроста. І не таму, што Віктар не хацеў гаварыць. У рабочым графіку настаўніка літаральна не знаходзілася ніводнай вольнай хвіліны. На парадку дня былі ўрокі, пазакласная работа, бацькоўскі сход, стосы сшыткаў. А яшчэ камандзіроўка ў Жлобін, дзе лепшы настаўнік Беларусі 2014 года праводзіў майстар-класы і адкрытыя ўрокі.

«Ездзіў я туды ў складзе клуба «Хрустальны журавель», у які ўваходзяць тыя, хто ў розны час быў фіналістам рэспубліканскага этапу конкурсу «Настаўнік года», – расказвае Віктар. – Працавалі ў навучальных установах горада, дзяліліся ўласным досведам і таксама штосьці пераймалі ў калег, абмяркоўвалі надзённае, разважалі на тэму, што такое сучасны ўрок і якім ён павінен быць.

– І да якой высновы прыйшлі?

– Тут цяжка вывесці нейкую адзіную формулу. Таму што ў кожнага настаўніка ёсць свае ўласныя прыёмы і метады, якімі ён карыстаецца. Я, напрыклад, люблю адпрацоўваць план урока да дробязей, пралічваць усе нюансы. А самым важным этапам лічу матывацыю, без якой практычна немагчыма ўзбудзіць у вучняў цікавасць да новай тэмы. З гэтай мэтай прыношу на ўрокі відэаматэрыялы, спрабую ўздымаць спрэчныя, праблемныя пытанні, ствараць сітуацыі, што могуць выклікаць дэбаты. Сухім статыстычным выкладаннем матэрыялу нікога не здзівіш. А вось цікавасць да прадмета – адаб’еш.

– Кажуць, што настаўнік гісторыі Віктар Жук можа прыйсці на ўрок у касцюме рыцара?

– Не зусім так. Магу прынесці на ўрок даспехі, гістарычныя артэфакты.

– Яны з музея?

– Не, з уласнай калекцыі. Я займаюся гістарычнай рэканструкцыяй. Захапленню, якое пачалося ў юнацтве, больш за 10 год. Цяпер яно знаходзіцца на больш сур’ёзным узроўні і перарасло ў «жывую» гісторыю. Я абраў для сябе перыяд сярэдзіны XIV стагоддзя. Узнаўляю адзенне і рыштунак жыхара нейкага пэўнага нямецкага горада. Штосьці раблю сам, даспехі і зброю набываю. А яшчэ цікаўлюся археалогіяй, наладжваю падарожжы, у якія хаджу ў тым ліку і з вучнямі.

– У вас з імі сяброўскія адносіны?

– Лічу, што паміж вучнем і настаўнікам павінна быць субардынацыя, але прытрымліваюся дэмакратычнага стылю. На маіх уроках не бывае мёртвай цішыні. Мы разважаем, спрачаемся, разам шукаем адказы на пытанні. І гэты рабочы шум як пацвярджэнне таму, што ўрок атрымаўся, што тэма зацікавіла. У адваротным выпадку не было б пытанняў, не было б дыялогу. А наогул мне лёгка з імі. Можа таму, што добра ведаю, аб чым мае вучні думаюць, якую музыку слухаюць, якія фільмы глядзяць. Вечарам мы часта абменьваемся інфармацыяй у сацыяльных сетках, вырашаем нейкія надзённыя пытанні. З лёгкасцю яны падыходзяць да мяне і пасля заняткаў у школе, калі патрэбна нейкая кансультацыя або парада.

– Як вы ацэньваеце сучасных дзяцей? Праўда, што яны не чытаюць, не рыхтуюцца да ўрокаў?

– Я шмат дзе працаваў, у тым ліку як сябра клуба «Хрустальны журавель», і ў зусім незнаёмых класах. Смела магу сказаць, што ўсе дзеці аднолькавыя. І знайсці з імі паразуменне, нават за тыя 15 хвілін, што адведзены настаўніку для знаёмства з класам да пачатку ўрока, нескладана. Галоўнае, прыйсці з запасам ведаў, стварыць камфортную атмасферу для працы, заахвоціць думаць, разважаць. Яшчэ на пачатку ХІХ стагоддзя Дыстэрвег казаў, што дрэнны настаўнік даносіць да вучняў ісціну, а добры – вучыць яе знаходзіць. І я імкнуся, каб яны знаходзілі ісціну, у тым ліку і з дапамогай кніг, якія яны ўсё ж такі чытаюць. Магчыма, менш, чым мы ў свой час. Але ж тады не было гаджэтаў, камп’ютарных гульняў, таму дзеці пазнавалі свет праз літаратуру. Асабіста я любіў прыгодніцкую. Сённяшнія мае дзевяцікласнікі цікавяцца дастаткова складанымі аўтарамі, пра якіх я ў іх узросце нават не ведаў.

– Кажуць, што няма дрэнных вучняў – ёсць дрэнныя настаўнікі. Можаце пагадзіцца з такім меркаваннем?

– Магу. І лічу, што для таго, каб дзіця раскрылася, варта проста знайсці да яго падыход. У нашай школе вучні вельмі розныя. Тут не гімназія, папярэдняга адбору няма. Таму адны хапаюць матэрыял на ляту, другім прадмет даецца цяжэй. І тады я стараюся знайсці нейкае больш лёгкае заданне, якое дапаможа стварыць сітуацыю поспеху і пераканаць вучня ў тым, што ён не горшы за іншых і таксама ўсё можа. Ведаеце, такі прыём спрацоўвае. І дзіця, якое яшчэ ўчора хавалася за спіны сваіх аднакласнікаў з адной толькі думкай, каб настаўнік не выклікаў, цягне ўгору руку, стараецца адказваць, просіцца да дошкі.

– Як вы прывіваеце любоў да свайго прадмета?

– Зноў жа матывірую. Кожны год, калі ў пяцікласнікаў пачынаецца «Гісторыя старажытнага свету», расказваю ім, для чаго неабходна ведаць гэты прадмет. Аднаго разу прынёс на урок граблі. І раструмачыў, што гісторыя – гэта вялікія граблі чалавецтва. Яна аберагае нас, вучыць не паўтараць памылак мінулага, інакш мы будзем з пакалення ў пакаленне жыць і наступаць на адны і тыя ж граблі…


По материалам сайта МЛЫН.BY


Обсудить на форуме

Автор: Марына СЛІЖ
Фото: Фота з сямейнага архіва Віктара Жука

Рейтинг: 5

Ваша оценка: